Рака пачынаецца з ручаёў і крыніц, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці сваёй Радзіме, з любові да матчынай мовы, з ведання яе гісторыі, з пашаны да спадчыны.
Школьны краязнаўчы музей быў адкрыты ў 1995 годзе. Ініцыятарам стварэння музея, пры актыўнай падтрымцы адміністрацыі школы, была М.І. Багдановіч, старэйшая піянерважатая, мясцовы краявед. У цяперашні час кіраўніком музея з'яўляецца А.А. Міхалкоўскі.
Задача работы музея: захаванне роднай культуры і мовы, асэнсаванне гісторыі, спадчыны, выхаванне нацыянальнай самасвядомасці і годнасці.
Мэта работы музея: абудзіць цікавасць да роднага краю, да малой Радзімы, выклікаць гонар за сваіх землякоў, даказаць, што нам ёсць чым ганарыцца.
Усе экскурсіі нязменна пачынаюцца з кутка, у якім сабраны матэрыялы старажытнасці . Тут сабраны дакументы даўнейшых часоў, рэчы сялянскага побыту мінулых стагоддзяў, якія цудам захаваліся. У нашым музеі вы пачуеце легенды пра маёнтак Агінскіх, пра таямніцы з'яўлення знакамітага паланеза, гукі якога некалі чароўна луналі над Залескай зямлёй.
Жыццё ж на залескай зямлі зарадзілася значна раней, чым з’явілася само мястэчка.
У музеі знаходзіцца каля 300 экспанатаў асноўнага і дапаможнага фондаў. Іх колькасць пастаянна павялічваецца дзякуючы намаганням вучняў, настаўнікаў,бацькоў.
Наш музей з’яўляецца цэнтрам краязнаўчага руху ўсяго Залескага сельскага савета.